ТЭАТРА́ЛЬНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

сістэма прафесійнай падрыхтоўкі акцёраў, рэжысёраў, мастакоў, тэатразнаўцаў і інш. работнікаў у галіне тэатр. мастацтва. Мае розныя формы (курсы, студыі, школы, вучылішчы, тэхнікумы, ін-ты, акадэміі).

Зарадзілася ў т-ры Стараж. Рыма. Асобую пед. сістэму падрыхтоўкі акцёраў выпрацаваў школьны тэатр (у Зах. Еўропе ў 15—18 ст., на Беларусі ў 16—18 ст.). У канцы 19 ст. пед. характар набыла работа рэжысёра. У Расіі першая тэатр. школа засн. ў 1673 у Маскве. У 18 ст. арганізавана пастаянная тэатр. школа ў Пецярбургу і драмклас у Маскве. Уклад у Т.а. зрабілі А.​Астроўскі, І.​Дзмітрэўскі, А.​Ленскі, У.​Неміровіч-Данчанка, К.​Станіслаўскі, А.​Сумарокаў, А.​Шахаўской, М.​Шчэпкін.

На Беларусі Т.а. бярэ пачатак у народным тэатры. Існавалі спец. школы бел. скамарохаў, школы дрэсіроўкі мядзведзяў у наваколлях Гродна, Нясвіжа, Мінска, в. Ракаў (Валожынскі р-н), на Палессі, «Смаргонская акадэмія», школа вераўчаных скакуноў у в. Семежава (Капыльскі р-н, 19 ст.). Развіццё Т.а. ў 19 — пач. 20 ст. звязана з дзейнасцю В.​Дуніна-Марцінкевіча, І.​Буйніцкага, Ф.​Ждановіча, У.​Фальскага. У 1919 арганізаваны вучэбныя акцёрскія курсы, студыі па падрыхтоўцы інструктараў па т-ры ў Гомелі, Віцебску, Магілёве, Мазыры; яны ж — пашыраныя формы Т.а. і ў 1920—30-я г. Студыі існавалі амаль пры ўсіх т-рах Беларусі. Падрыхтоўка акцёраў ажыццяўлялася таксама ў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве (маст. кіраўнік В.​Смышляеў, існавала на правах ВНУ) і Беларускай студыі пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (кіраўнік Б.​Жукоўскі), а таксама Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1939, кіраўнікі курсаў М.​Тарханаў, Л.​Леанідаў). Павышэнню прафес. падрыхтоўкі акцёрскіх кадраў садзейнічалі Інбелкульт (1925), 3-месячныя курсы для Бел. трама пры Ленінградскім тэатр. тэхнікуме і для БДТ-3 у Маскве (1934). У 1931—33 у Мінску працаваў Беларускі тэхнікум сцэнічнага мастацтва, у 1938—41 — Рэсп. Тэатральнае вучылішча. Уклад у Т.а. зрабілі рэжысёры-педагогі Е.​Міровіч, У.​Галубок, М.​Кавязін, М.​Зораў, кіраўнікі студый Л.​Літвінаў, М.​Міцкевіч, Л.​Рахленка, Ц.​Сяргейчык. Сістэматычная падрыхтоўка прафес. кадраў пачалася ў 1945, калі быў створаны Бел. тэатр. ін-т (з 1953 Бел. тэатр.-мастацкі ін-т, з 1991 — Беларуская акадэмія мастацтваў). Важнае значэнне для развіцця Т.а. мела і мае пед. практыка Б.​Мардвінава, Дз.​Арлова, Л.​Мазалеўскай, В.​Рэдліх, У.​Маланкіна, У.​Няфёда, А.​Сабалеўскага і інш. У акадэміі рыхтуюць акцёраў т-ра і кіно, т-ра лялек, рэжысёраў, тэатр. мастакоў, тэатразнаўцаў. Рэжысёраў для аматарскіх т-раў рыхтуе Беларускі універсітэт культуры (створаны ў 1975), кіраўнікоў тэатр. аматараў — культ.-асв. вучылішчы, каледж мастацтваў у Мінску.

Артыстаў для муз. т-раў на Беларусі пачалі рыхтаваць ў 18 ст. ў прыватнаўласніцкіх т-рах і школах. У 2-й пал. 18 ст. існавалі Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза, Нясвіжская балетная школа, Слонімская балетная шкала, Слуцкая балетная шкала, Шклоўская балетная школа. Уклад у падрыхтоўку муз.-тэатр. кадраў зрабілі балетная студыя пры БДТ (створана ў 1921, кіраўнік К.​Алексютовіч), Мінскі муз. тэхнікум (створаны ў 1924) і адкрытыя пры ім вышэйшая балетныя (у 1925—26) і оперныя (у 1927—28) класы, на базе якіх у 1930 створана Беларуская студыя оперы і балета, а ў 1943 — балетная школа пры Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. У 1939 па ініцыятыве З.​Васільевай у Рэсп. тэатр. вучылішчы адкрыта спец. харэаграфічнае аддзяленне, якое працавала па праграме харэаграфічных вучылішчаў. У 1945 арганізавана Дзярж. харэаграфічнае вучылішча Беларусі (гл. Дзяржаўны харэаграфічны каледж Рэспублікі Беларусь). Цэласную сістэму муз.-тэатр. адукацыі завяршала стварэнне ў 1932 Бел. кансерваторыі (гл. Беларуская акадэмія музыкі), дзе рыхтуюць артыстаў оперы і аперэты, оперных дырыжораў вышэйшай кваліфікацыі. Кіраўнікоў аматарскіх муз.-тэатр. калектываў рыхтуюць у Бел. ун-це культуры і культ.-асв. вучылішчах.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2—3. Мн., 1985—87;

Сохар Ю. Беларуская тэатральная адукацыя: зараджэнне. станаўленне, прабл. развіцця // Мастацтва Беларусі. 1985. № 1;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;

Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980;

Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990.

Ю.​М.​Сохар.

т. 16, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)